Ласкаво просимо

до електронної бібліотеки Інституту журналістики

Головна || Законодавча база || Навчально-методичні комплекси || Наукові видання
Праці викладачів || Студентські роботи || Різне


Украінскі вектар беларускай публіцыстыкі канца ХІХ – пачатку ХХ ст.

Рагойша М. В.
асп.

УДК 070 (477) (09)

У статті на підставі невідомих і маловідомих фактів досліджується рецепція української прогресивної соціально-політичної думки і художньої літератури в білоруській пресі кінця ХІХ — початку ХХ ст. (публіцистика білоруських народників, перші білоруськомовні газети, архівні матеріали).
Ключові слова: демократичний дискурс, національна ідея, публіцистика, типологія жанру, взаємозв’язки, газети “Рада”, “Наша ніва”..

This article is about main problems of periodical press at the beginning of XX ct., witch may aware today's press publishers of: separation of journalistic publishing forces, disability to unite for common aim, ineffective advertising camping, and manipulation of "Natural language question".
Keywords: Ukrainian-speaking press, publishing, newspaper, advertising, newspapers language.

Як адзначаюць даследчыкі, гістарычныя тыпы журналістыкі ў пераходныя перыяды развіцця грамадства вызначаюцца двума вядучымі заканамернасцямі. Першая звязана з агульнасацыялагічнымі законамі, функцыянальнай роляй журналістыкі ў грамадскім жыцці. Другая залежыць ад змястоўнай напоўненасці сродкаў інфармацыі, ад характару сацыяльна-палітычнай лініі СМІ пры выкананні сістэмы іх функцый [7, 171].

Беларуская публіцыстыка, якая ўзнікла на рубяжы 70-80-х гадоў ХІХ ст., фактычна была паклікана да жыцця працэсамі станаўлення буржуазнага грамадства. Падпольна на гектографе студэнты з Беларусі, навучэнцы пецярбургскіх навучальных устаноў, выдалі некалькі публіцыстычных твораў пад назвамі "Да беларускай моладзі", "Да беларускай інтэлігенцыі", "Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае", "Пасланне да землякоў-беларусаў", а таксама два нумары часопіса "Гоман". Усе гэтыя матэрыялы былі напісаны на рускай мове. Гісторыка-культурныя працэсы пачатку ХХ ст. спрыялі нараджэнню беларускага нацыянальнага друку. На працягу 1906–1915 гг. у Вільні – гістарычным і культурным цэнтры беларускіх зямель – выходзіць першае беларускамоўнае выданне газета "Наша Ніва" – "нацыянальна-дэмакратычная па ідэйным змесце, народная па адлюстраванні рэчаіснасці, прагрэсіўная па метадах, мэтах і спосабах палітычнага ўздзеяння" [9, 177]. Да параўнальнага аналізу мы прыцягваем публіцыстыку, аналагічную па жанравых прыкметах, якая ўбачыла свет напрыканцы ХІХ ст. і ў 10-х гадах ХХ ст. І ў першым, і ў другім выпадках мы маем справу з матэрыяламі, у цэнтры ўвагі якіх пастаўлены дэмакратычныя патрабаванні.

"Ліст" як журналісцкі жанр нарадзіўся з прыватнай эпісталярнай практыкі. Адсюль адраснасць публікацый, асаблівая танальнасць даверлівасці, адкрытасці, гама аўтарскіх пачуццяў. У той жа час у навуковай літаратуры адзначаецца, што "на характар жанру вялікі ўплыў здзейснілі ўсякага роду адозвы, лістоўкі, пракламацыі, якія пашыраліся сярод насельніцтва ў перыяды грамадскіх катаклізмаў – бунтаў, паўстанняў, рэвалюцый" [11, 222]. Гэтыя тэарэтычныя назіранні выдатна пацвярджаюцца практыкай публіцыстыкі беларускіх рэвалюцыянераў-дэмакратаў. У асноўным іх гектаграфаваныя выданні былі ананімныя. Аднак "Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае" было надрукавана за подпісам "Даніла Баравік", з "Пасланнем да землякоў-беларусаў" звяртаўся "Шчыры беларус".

Разглядаючы пачынанні беларускіх публіцыстаў у кантэксце тагачаснай украінскай публіцыстыкі, нельга не ўбачыць праяў як агульнатыпалагічнага характару, так і непасрэдных уплываў, фактаў кантактных сувязей. Адзначым, што "ліст" як публіцыстычны жанр меў пашырэнне і ва Украіне і ў Беларусі – у сувязі з раздробленасцю нацыянальных сіл, раскіданасцю па свеце нацыянальнай інтэлігенцыі. І нават прыватная перапіска вядомых людзей магла мець грамадскае значэнне. У гэтым плане паказальным можна лічыць ліставанне паміж М. Драгаманавым, калі апошні знаходзіўся за межамі Радзімы, і М. Паўлыком, І. Франком. Дарэчнымі будуць тут спасылкі і на "Лісты на Наддняпроўскую Украіну", дасланыя ў 1893–1894 гг. з Галічыны самім Каменяром. Беларускія прагрэсіўныя творчыя сілы фармаваліся ў большасці выпадкаў у Пецярбургу. Найперш гэта было абумоўлена тым, што Пецярбург быў для беларусаў цэнтрам навукі, універсітэцкую адукацыю на абшарах беларускіх зямель можна было атрымаць толькі ў Вільні. Агляд украінскіх і беларускіх "лістоў" раскрывае іх "роднаснасць". Тыпалагічна падобнымі выяўляюцца і прыёмы падбору псеўданімаў. У канспірацыйных мэтах – з аднаго боку, з жадання падкрэсліць нацыянальны патрыятычны пафас допісаў – з другога, узніклі аўтарскія подпісы, у якіх у скарыстаных словах ці словазлучэннях быў закладзены народазнаўчы элемент. Так, у прыватнасці, для беларусаў асабліва блізкай павінна была стаць апеляцыя да нацыянальнай атрыбутыкі – лесу, бору, адкуль і ўзнік подпіс "Баравік".

Адначасова звернем увагу і на псеўданімы "Паляшук", "Шчыры Беларус", якія перагукваюцца з адным з псеўданімаў таго ж Драгаманава – "Украінец". Відавочна, скарыстаныя формы аўтарскага, журналісцкага псеўданіма падкрэсліваюць агульнасць тых задач, якія стаялі перад украінскай і беларускай публіцыстыкай канца ХІХ ст. Галоўнае тыпалагічнае падабенства адзначаных "Лістоў" – у агульным прадмеце гаворкі: і ў першым, і ў другім выпадках тэмай выступленняў з'яўляецца родны край, скразным матывам праходзіць у іх нацыянальнае пытанне. У адпаведнасці да патрабаванняў жанру ў беларускіх "Лістах" разважанні публіцыстаў заўсёды падмацоўваюцца шырокім спектрам прыкладаў. Характэрна, што прыклады бяруцца як з жыцця ўласнага народа, так і з жыцця іншанацыянальных супольнасцяў. Вялікая ўвага аўтарамі-беларусамі надаецца гісторыі і культуры ўкраінцаў, якія па праву лічацца найбольш блізкімі да беларусаў. Як дзейсны сродак уздзеяння на чытача аўтары і ранейшых, і пазнейшых "Лістоў" выкарыстоўваюць спасылкі і на тагачасныя ўкраінскія друкаваныя выданні. Першыя беларускія публіцысты былі моцна арыентаваныя на дасягненні ўкраінскіх публіцыстаў. Няма сумнення, што найбольшым аўтарытэтам для аўтараў "беларускіх пасланняў у народ" быў М. Драгаманаў.

Нагадаем, паводле справядлівага сцвярджэння І. Франка, актыўная пазіцыя Драгаманава на той час "запэўніла яму месца сярод выбітных публіцыстаў ХІХ ст." [12, 332]. Д. Баравік, мяркуючы распачаць серыю "Лістоў пра Беларусь", у першым лісце даў шырокі агляд украінскага культурнага жыцця. Разглядаючы Украіну як "бліжэйшую суседку, гісторыя і жыццё якой з незапамятнага часу ішла рука ў руку з нашай гісторыяй, г. з. з гісторыяй Беларусі", беларускі публіцыст канстатаваў: "на Украіне як мясцовае жыццё і літаратура, так і іх вывучэнне зрабілі велізарныя крокі. Народнае самаўсведамленне ў маларосаў хутчэй ідзе наперад… бо мясцовая інтэлігенцыя, людзі мыслячыя, ужо даўно з вялікім стараннем пачалі працаваць для сваёй горача любімай радзімы…" [8, 24]. У "Лісце першым" называюцца імёны актыўных дзеячаў украінскага культурнага адраджэння – М. Максімовіч, П. Марковіч, М. Кастамараў, П. Куліш, П. Чубінскі. Як сапраўдных народных пісьменнікаў Баравік характарызуе Т. Шаўчэнку, Г. Квітку-Аснаўяненку, І. Катлярэўскага, Марка Ваўчок. Выдатнымі цэнтрамі інтэлектуальнага жыцця ўкраінцаў называюцца Харкаўскі, Кіеўскі, Адэскі універсітэты. Згадваецца ў публікацыі і ўкраінская перыёдыка. Так, са спасылкай на высокую ацэнку выдання "самім Кастамаравым" рэкамендуецца чытачам "вельмі прыстойны гістарычны часопіс "Киевская старина", адсылаюцца чытачы і да газеты "Южный край". Нагадаем, што названыя ўкраінскія перыядычныя выданні ўбачылі свет незадоўга перад напісаннем "Ліста першага": "Южный край" з'явіўся ў 1880 г., "Киевская старина", штомесячны літаратурны і навуковы часопіс пачаў выходзіць у 1882 г. "Ліст" жа датаваны 16 снежнем 1882 г. Аператыўнасць беларускага публіцыста, зацікаўленасць пытаннямі ўкраінскага адраджэння тут відавочныя.

Ва ўсіх допісах беларускіх публіцыстаў-народнікаў адчуваецца моцная апора на аўтарытэт М. Драгаманава. У тэкстах прысутнічае само імя славутага ўкраінца, выразна праступае арыентацыя на яго канцэпцыю сацыяльных і нацыянальных культурных змаганняў. На Драгаманава спасылаецца Д. Баравік, знаходзім прозвішча славутага ўкраінца і ў "беларускім сацыяльна-рэвалюцыйным аглядзе "Гомон". У другім нумары "Гомону" спецыяна падкрэсліваецца, што, у прыватнасці, "Бакунін, Драгаманаў і многія іншыя, гаворачы пра распад Расійскай імперыі на заканамерныя федэрацыі, побач з Польшчай і Маларасіяй ставяць Беларусь" [8, 84].

На час напісання беларускімі народнікамі першых адозваў М. Драгаманаў апынуўся ўжо ў вымушанай эміграцыі. Аднак тое, што М. Драгаманаў знаходзіўся з 1876 г. у Швейцарыі, не перашкодзіла беларусам працягваць з ім як духоўныя, так і дзелавыя кантакты. Пры ўсёй неканчатковай вызначанасці і акрэсленасці палітычных платформ, беларускія народнікі ўсё-такі найбліжэй стаялі да светапогляднай канцэпцыі Драгаманава. У вырашэнні нацыянальнага пытання яны, як і Драгаманаў, прытрымліваліся федэралістычных поглядаў, таксама, як і Драгаманаў, схіляліся да формаў сацыяльна-палітычных пераўтварэнняў ў краіне ў духу заходнееўрапейскага парламентарызму.

Імя М. Драгаманава трывала ўпісана ў гісторыю беларуска-ўкраінскіх грамадска-культурных сувязей. На яго творы арыентаваліся многія беларускія грамадскія дзеячы. Пра Драгаманава як пра нястомнага барацьбіта за еднасць усіх украінцаў, за дэмакратычнае яднанне ўсіх усходнеславянскіх народаў пісала і першая беларускамоўная газета "Наша Ніва" (1909. – № 25; 1914. – № 46). Пад уплывам Драгаманава ў Львове ў 1885 г. М. Паўлык і І. Франко склалі праграму дзейнасці "Украінска-польска-літоўска-беларускага брацтва". Вядома, што па прыкладу А. Герцэна Драгаманаў арганізаваў у Жэневе бесцэнзурную друкарню, у якой ў 1878–1882 гг. выдаў зборнік "Грамада", часопіс "Грамада", забароненыя царскай цэнзурай мастацкія творы ўкраінскіх аўтараў. Менавіта тут у 1881 г. Драгаманаў выпускае ў перакладзе на беларускую мову сваю агітацыйную брашуру "Пра багацтва ды беднасць" [6]. У 1886 г. Драгаманаў актыўна перапісваецца з беларускім пісьменнікам, рэвалюцыйным дэмакратам Вайніславам Савічам-Заблоцкім.

Сучасныя беларускія навуковыя крыніцы адзначаюць, што Драгаманаў ва ўсіх галінах сваёй дзейнасці, бескампрамісна змагаючыся з палітычнай інертнасцю, дэспатызмам царскай аўтарытарнай улады, абмежаванасцю нацыяналізму, вузкім этнаграфізмам, прымітыўным дыдактычным маралізатарствам, клапаціўся і пра беларускі народ [4, 27–30]. Ён "прызнаваў правы Беларусі на самастойнае развіццё, асуджаў польскую і рускую палітыку дэнацыяналізацыі беларусаў" [2, 190–191]. Аўтар артыкула В. Чабаненка пры гэтым спасылаецца на такія публіцыстычныя працы Драгаманава, як "Вопыт украінскай палітыка-сацыяльнай праграмы", "Вялікарускі інтэрнацыянал і польска-ўкраінскае пытанне". Ад сябе заўважым, што ўважлівае азнаямленне з апублікаванымі работамі Драгаманава дазволіць зрабіць вывады пра яшчэ больш шырокую ўключанасць гэтага знакамітага ўкраінца ў распрацоўку так званага "беларускага пытання". У гэтым нас пераконвае, у прыватнасці, тэкст яго вялікай працы "Аўстра-рускія ўспаміны. 1867–1877".

Да дзейнасці Драгаманава, у тым ліку і выдавецкай, меў дачыненні і беларускі паэт-дэмакрат Адам Гурыновіч. Пад час навучання ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце Гурыновіч узначаліў у 1893 г. "Гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай". Дзякуючы Гурыновічу яшчэ ў 90-я гг. ХІХ ст. на беларускай мове загучаў славуты "Вечны рэвалюцыянер" І. Франко. Увагу да творчасці і грамадскай дзейнасці І. Франка працягвалі выяўляць і наступныя пакаленні беларускіх публіцыстаў і літаратараў. Творчасць І. Франка на пачатку ХХ ст. прапагандаваў знакаміты паборнік ураінска-беларускай дружбы, класік беларускай літаратуры М. Багдановіч. Вядома, што ў рэдакцыйнай бібліятэцы газеты "Наша ніва" было нямала мастацкіх твораў І. Франка. У адным з нумароў "Наша ніва" (1914. – № 43 ) апублікавала інфармацыю "Доля ўкраінскага пісьменніка", прысвечаную апошнім гадам жыцця Каменяра. Галоўная ж повязь беларускай журналістыкі з Украінай – у наследаванні дэмакратычных крытэрыяў мастацтва, якія так горача і паслядоўна адстойвалі яе выдатныя сыны.

Звяртаючы ўвагу на гуманістычную парадыгму нацыянальнай ідэі, над фармаваннем якой працавалі беларускія публіцысты пачатку ХХ ст., падкрэслім, што дыяпазон асэнсавання "Нашай нівай" канцэптаў дэмакратыі досыць шырокі і выразны. Сістэматызацыя ўсіх нашаніўскіх матэрыялаў па пэўных крытэрыях паказвае асноўныя складнікі дэмакратычнага дыскурсу выдання. Так, "Наша ніва" актыўна ўзнімала агульны ўзровень культуры – адукацыйны пласт (школа, бібліятэкі), пашырэнне прафесійных ведаў (агратэхніка і г.д.), асвятленне здарэнняў з боку маралі і інш.; змагалася з пасіўнасцю і інертнасцю, безыніцыятыўнасцю народных мас, выступаючы супроць сацыяльнай раз'яднанасці, індывідуалістычнай замкнёнасці, заклікала да салідарнасці, узаемнай падтрымкі, да выхавання волі, вытрымкі, супрацьпастаўляючы іх цярплівай бяздзейнасці; фарміравала ў грамадстве, зыходзячы з існуючай на той час грамадскай мадэлі супольнага існавання бедных і багатых, сістэму стрымлівання і працівагаў, раскрывала магчымасці стварэння канцэнсусных сітуацый; выкрывала карумпаванасць верхніх эшалонаў улады, фінансавыя махінацыі і злачынствы; асвятляла пытанне выбараў, ухваляючы інстытут Думы як гарант фарміравання прававой дзяржавы; тлумачыла неабходнасць свабоды слова і права на інфармацыю і г.д.; спрыяла стварэнню дэмакратычнай мастацкай літаратуры, літаратурнай крытыкі.

Шматаспектнасць дзейнасці "Нашай нівы" выдатна раскрываецца пры тыпалагічным супастаўленні з функцыянальным прызначэннем такой знакамітай на Украіне арганізацыі, як "Просвіта". "Кожны народ, які хоча дамагчыся самастойнасці, павінен найперш клапаціцца пра тое, каб ніжэйшыя слаі грамадскай супольнасці, народныя масы ўзняць да належнага ўзроўню адукаванасці, каб гэтая народная маса ўспрыняла сябе членам нацыянальнага арганізму, адчула сваю грамадзянскую і нацыянальную вартастнасць, пазнала неабходнасць існавання нацыі як асобнага індывідуальнага народа, паколькі ніхто іншы, а менавіта маса народная, з'ўляецца гэтаму запарукай" [5, 17]. Гэта цытата з прамовы аднаго з удзельнікаў Устаноўчага сходу львоўскай "Просвіти", які адбыўся яшчэ ў 1868 г., ускосна сведчыць і пра гістарычную заканамернасць узнікнення на Беларусі такой з'явы, як "Наша ніва", а таксама пра існаванне працэсу пераймання культурных традыцый. У разнастайных акцыях, творчых і арганізацыйных, "Нашай нівы", нібы ў люстэрку, адбіваецца характар дзейнасці "Просвіти". Зрэшты, "Наша ніва" выказвала і свае ідэалы, калі, у прыватнасці, у 1913 г. з захапленнем і, несумненна, "белай" зайздрасцю паведамляла, што "Просвіта" налічвае 140 тысяч сяброў, мае ў розных месцах 74 філіі, 2468 народных чытальняў, 540 крам, 339 ашчадных кас; акрамя таго, адкрыла гандлёвую, сельскагаспадарчую, зямельную школу і школы для хатніх гаспадыняў, арганізуе курсы для непісьменных, аплачвае за навучанне 43 вучняў і ін.

Адзначым пры гэтым, што ўключаючы пытанне нацыянальнай мовы ў асветніцка-навучальны аспект сваёй дзейнасці, "Наша ніва" трымала рэгулярныя сувязі з многімі ўкраінскімі выданнямі настаўніцкага профілю, такімі як "Український учитель", "Рідна школа", "Громадський голос", "Світло", пра што сведчаць і разнастайныя публікацыі на яе старонках, і тыя дакументы, якія знаходзяцца ў архіве "Нашай нівы". Так, у прыватнасці, паказальнай для характару ўзаемадачыненняў паміж украінскімі і беларускімі актывістамі нацыянальнага адраджэння з'яўляецца адшуканая намі паштоўка, датаваная 26. І. 1911 г., якая сведчыць пра трывалыя кантакты віленскіх нашаніцаў з галіцкімі ўкраінцамі [3]. На паштоўцы ў "Нашу ніву", прысланай ад Ів. Буцманюка, "учителя і редактора "Прапора", учительського органу у Галичині" выразным настаўніцкім почыркам напісана наступнае: "Хвальна редакціє! Прошу прислати бракуючі числа 33 і 34 цінної "Нашай нівы" і решту чисел від 52 до кінця року 1910 р., бо редакція не одержала (їх). "Каляндар" одержали і подамо звіт. Просимо о надсилання до обміну свої видання, а ми будемо висилати наші. Особливо просимо о історію і пісні… Як виходить "Білоруський учитель", просимо ласкаво, …щоб присилали на адресу, подану вгорі до обміну. З поважанням". Далей ідзе подпіс Буцманюка, стаіць штэмпель "Редакція "ПРАПОРА".

Не менш інфарматыўнай выявілася і тытульная старонка паштоўкі. На ёй з левага боку ў калонку выпісаны кантактныя адрасы, патлумачаны асноўныя накірункі і ўмовы дзейнасці. Узновім яе, паколькі тэкст тытула ўяўляе безумоўную цікавасць. "Тов. "ВЗАЇМНА ПОМІЧ УЧИТЕЛЬСЬКА" у Львові ул. Скарбківська, ч. 33. І. Члени-добродії: 100 к. ІІ. Спомагаючі: 2 к. річно. ІІІ. Звичайні: описово 2 к., вкладка місячна 1 к. З цього половина стає ощадністю члена в Відділі кредитовім, до якого приймаються і ощадності членів. "ПРАПОР" орган укр. учительства – Коломия. "ВИДАВНИЧА СПІЛКА УКР. УЧИТЕЛЬСТВА" в Коломиї (фах. поштовий № 3.1. Вписове 2 к., уділ 20 к. Склеп "Вид. Сп. Уч." в Коломиї (фах пошт. № 3). На складі прибори канцелярські, вироби гуцульські, книжки і т. д.".

Тытульная старонка аздоблена карцінай. На ёй маладая жанчына з традыцыйна ўкраінскай прычоскай (каса вакол галавы) паказвае рукой на ўсход сонца, на ўкраінскія палі і старэнькую хацінку з таполяй (алюзіі з Шаўчэнкам). Побач стаяць задумлівы пажылы чалавек з вусамі і акулярамі (вобраз інтэлігента) і малады хлопец у вышыванцы з выразным мужным профілем. Над малюнкам вялікімі літарамі падаецца рэклама таварыства, выкананая па-мастацку, – "Взаємна поміч учительська". Далей пазначаны дэвіз: "Єдністю виборемо собі кращу долю і народну волю!" Пад карцінкай таксама падаецца тэкст: "Правна оборона – інтэрнат для дітей учительський приют – відділ кредитовий – підмоги – заосмотрення курсу". Ніжняя частка паштоўкі змяшчае ў левым куце яшчэ адзін, меншы малюнак: глобус, палічку з кнігамі, разгорнутая кніга, свечка-"свічадо" і прапар, які ўзнімаецца над усёй старонкай паштоўкі. Справа падаецца верш Багдана Лепкага:

Не схиляйте в діл прапора
А держить його високо!
І ще знайте – що покора,
Страх нікчемний, душа хвора.
Хоть слізьми заходить око,
Не схиляйте в діл прапора,
А держіть його високо!..

Зразумела, уся інфармацыя, змешчаная на ўкраінскай паштоўцы, мелася ўспрымацца як заахвочванне да сумеснай працы. Пры вызначэнні асноўных канцэптаў дэмакратычнай праграмы "Нашай нівы" мы небеспадстаўна вылучылі найперш яе працу па павышэнні агульнага ўзроўню культуры чытачоў (адукацыйны пласт: школа, бібліятэкі). Прааналізаваўшы перапіску "Нашай нівы" з адрасатамі, пераконваемся, што ў большасці допісаў, побач з падзякай газеце за яе існаванне, за ўвагу да чалавека-працаўніка, яго клопатаў па вядзенні гаспадаркі і падачы іншых звестак практычнага характару, усе лісты змяшчаюць просьбу выслаць беларускія мастацкія творы. А побач з гэтымі просьбамі вельмі часта занатаваны просьбы аб высылцы твораў украінскіх аўтараў. Чытачы пыталі парады, дзе знайсці "Кабзар" Тараса Шаўчэнкі, як атрымаць украінскія п'есы для пастаноўкі ў аматарскім тэатры. Украінскае мастацкае слова было запатрабавана беларускім чытачом амаль як сваё роднае. Гістарычнае падабенства лёсаў абодвух народаў выявілася і ў павазе ўкраінцаў да беларускай нацыянальнай перыёдыкі.

"Наша ніва" зусім справядліва лічыцца калыскай нацыянальнай мастацкай літаратуры і літаратурнай крытыкі. Абавязковая наяўнасць нацыянальных мастацкіх твораў – адна з галоўных адметнасцяў першых перыядычных выданняў, створаных на роднай мове – беларускай "Нашай нівы" і ўкраінскай "Основи". У гэтым выявілася прынцыповая падобнасць іхняга аблічча. Прыгожае пісьменства – акт дзейнасці творцы на мяжы эмацыянальнага і інтэлектуальна-духоўнага. Сярод галоўных функцый літаратуры – пазнавальная і камунікатыўная. Яе сувязь з гісторыяй, псіхалогіяй, філасофіяй надзяляюць мастацкае слова выключнай сілай уплыву. Эстэтычныя, ідэалагічныя, выхаваўчыя магчымасці прыгожага пісьменства дапамагалі нацыянальным перыядычным выданням фармаваць чытача, супольнасць, нацыю.

На пачатку ХХ ст. за тымі працэсамі грамадскага пераўтварэння, якія ўсклала на сябе абавязкі арганізоўваць, а нават і ўзначаліць "Наша ніва", уважліва сачыла ўкраінскай інтэлігенцыя.. З Заходняй Украінай ў "Нашай нівы" склаліся трывалыя стасункі дзякуючы львоўскаму прафесару І. Свянціцкаму, у радаводзе якога былі беларускія карані і які, па яго ўласным прызнанні, імкнуўся сплаціць доўг перад Радзімай сваіх продкаў. Гэтыя кантакты моцна падтрымліваліся і праз беларускую паэтэсу Цётку (Алаізу Пашкевіч), якая, ратуючыся ад царскага пераследу, эмігравала ў Аўстрыю, вучылася ў Львоўскім універсітэце. Дзякуючы ім у заходнеўкраінскіх выданнях пачалі друкавацца (у арыгінале і перакладах) творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, самой Цёткі, іншых беларускіх аўтараў. Побач з артыкуламі пра новую беларускую літаратуру Іл. Свянціцкага ў львоўскім друку з'явіліся змястоўныя матэрыялы пра гісторыю, фальклор, мастацкае слова беларусаў Ів. Крып'якевіча, В. Шчурата, М. Вазняка, Ул. Гнацюка.

Прапагандзе беларускай культуры на заходніх землях Украіны спрыялі такія ўкраінамоўныя выданні, як "Неділя", "Руслан", "Діло", "Записки Наукового товариства імені Тараса Шевченка", "Літературно-науковий вісник" і ін., а таксама нямецкамоўны прагрэсіўны "Ukpainische Rundschau", польскамоўная перыёдыка "Kurier Warszawski", "Swiat Slоwianski". Вялікую ролю для збліжэння ўкраінскай і беларускай культур адыгрывалі і наддняпроўская польскамоўная перыёдыка. Так, кіеўскі часопіс "Przeglad Krajowy" у 1909 г. даў чытачу сціслы курс развіцця беларускай культуры. Сярод цікавых матэрыялаў – гістарычны агляд "Літва і Беларусь" (№ 6). У артыкуле "Адраджэнне Беларусі" (№ 3) часопіс расказваў пра тых пісьменнікаў, якія сёння з'яўляюцца класікамі беларускай літаратуры – В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Янку Купалу. Дагэтуль не згубіла каштоўнасці даследаванне Ежы Янкоўскага "Паэты маладой Беларусі" (№ 7-8), якое з'явілася ці не першым шырокім аглядам творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа за межамі беларускай зямлі.

Актывізаваліся выступленні пра Беларусь на ўсходніх землях Украіны дзякуючы творчай працы А. і С. Русавых, Д. Дарашэнкі, М. Шапавала. У летапіс прапаганды беларускага мастацкага слова на ўкраінскіх землях украінскай мовай зрабілі ўклад многія выданні. Тут і "Рідний край", і "Дніпрові хвилі", аднак з большай удзячнасцю назавем кіеўскія выданні "Українська хата" і "Рада". Першыя ж нумары беларускіх газет "Наша доля" і "Наша ніва" былі адрэкамендаваны ўкраінскаму чытачу на старонках "Ради". Аператыўнасць украінскай газеты паказальная. 19 верасня 1906 г. "Рада" пісала: "1 вересня вийшла у Вільні газета "Наша доля"… Про напрямок газети яскраво свідчить наступне: перший номер конфіскований за наказом губернатора,.. розійшлися 5000 примірників, 5000 було забрано поліцією". У гэтым жа паведамленні расказвалася пра адкрыццё ў Пецярбургу беларускай выдавецкай суполкі "Загляне сонца і ў наша ваконца". 22 лістапада "Рада" паведамляе пра выхад у свет першага нумара "Нашай нівы". Як бачна, "Рада" і беларуская газета ішлі амаль нага ў нагу: "Наша ніва" убачыла свет 10 лістапада 1906 г.

Пазначаны плённасцю і далейшыя кантакты выданняў. На аснове нашаніўскіх матэрыялаў "Рада" друкуе інфармацыю пра значныя падзеі ў культурным жыцці беларусаў. "Рада" шырока цікавілася беларускім друкам (1907. – № 15), арганізацыяй беларускай выдавецкай справы (1909. – № 22; 1910. – № 42; 1912. – № 39, 45; 1913. – № 8), дыскусіяй пра неабходнасць навучання дзяцей і студэнтаў на роднай мове (1907. – № 15; 1909. – № 81). У артыкуле Е. Вічэнкі "Просвітницькі заходи білорусів" (1907. – № 56), у прыватнасці, пісалася "Білоруси ступили на напевний шлях, що виведе їх у вольний широкий світ поміж культурними народами, і українці, що роблять ту саму справу серед свойго народу, можуть тільки вітати просвітницькі заходи білоруської інтелігенції і побажати їй успіху. В добрий час!" "Рада" сачыла і за развіццём нацыянальнага тэатра Беларусі.

У рубрыцы "Театр і музика" расказвалася пра поспехі першага прафесійнага беларускага драматычнага тэатра Ігната Буйніцкага, пастаноўку на беларускай сцэне твораў карыфея ўкраінскай тэатральнай справы М. Крапіўніцкага (1910. – № 34, 42, 50 і інш.), рэцэнзаваліся выданні беларускіх песень з нотамі (1911. – № 68). У гэты ж час на Украіне здзяйсняюць першыя спробы мастацкага перакладу беларускіх пісьменнікаў Б. Заклінскі, В. Супраніўскі, М. Шапавал, П. Гайчанка, М. Удавічэнка, А. Алесь і іншыя творцы. На ўкраінскай мове загучалі беларускія пісьменнікі ХІХ ст., а таксама (найперш, вершы) найноўшыя беларускія творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, М. Багдановіча. Так, "Рада" пазнаёміла сваіх чытачоў з вершам Янкі Купалы "А хто там ідзе?" (1908), які стаў гімнам беларусаў, адгукнулася (праз пераклад і рэцэнзію) на зборнік Якуба Коласа "Песні жальбы" (1910). У "Раді" упершыню па-ўкраінску прагучалі творы М. Багдановіча (1909). "Рада" адкрыла як празаіка свайму чытачу Ядвігіна Ш. (1910), іншых аўтараў.

Беларуская газета, як мы ўжо адзначылі, таксама актыўна сачыла за сацыяльна-грамадскімі і нацыянальна-вызваленчымі змаганнямі ўкраінцаў. У інфармацыйных аддзелах "Наша ніва", раскрываючы карціну царскіх рэпрэсій, часта змяшчала паведамленні з Кіева, Харкава, Адэсы, Екацерынаслава, Палтавы і іншых украінскіх гарадоў (1907. – № 7, 9; 1908. – № 10, 11; 1909. – № 1, 17, 35, 36; 1911. – № 4, 16–17 і інш.). У газеце часта даваліся аб'явы на розныя ўкраінскія выданні ("Рада", "Українська хата", "Літературно-науковий вісник", календары "Просвіти" і інш.). У 1909–1910 гг. украінская тэма ў газеце гучала не толькі ў шматлікіх нататках, паведамленнях, артыкулах, але і ў абагульнена-сістэматызаваных аглядах. Калі ж у 1908 г. "Рада" (№ 246, 247, 249) апублікавала вялікую працу Д. Дарашэнкі "Білоруси і їх національне відродження", "Наша ніва" ажыццявіла яе пераклад на беларускую мову і ў 1909 г. (№ 4) перадрук, матэрыялы гэты таксама выйшлі асобным выданнем як брашура.

Значэнне працы Д. Дарашэнкі для развіцця беларускай культуры цяжка пераацаніць. Па-першае, "Рада" здзейсніла высокую акцыю падтрымкі беларускага адраджэнцкага руху. Па-другое, украінскі даследчык спрыяў усталяванню практыкі аглядных літаратуразнаўчых артыкулаў на старонках "Нашай нівы". Калі энтузіястам беларусікі ва "Українській хаті" быў яе рэдактар П. Багацкі, то з калектыву "Ради" неабходна вылучыць С. Яфрэмава, сурэдактара выдання. Ён зацікаўлена прыглядаўся да літаратурнага, грамадска-культурнага жыцця Беларусі, што знаходзіла рэалізацыю ў яго рэдактарскай і навуковай дзейнасці. Цалкам верагодна, што канцэптуальныя працы па гісторыі беларускай літаратуры, здзейсненыя С. Палуянам, М. Багдановічам, нараджаліся пад непасрэдным уплывам канцэпцый С. Яфрэмава.

З увагай ставілася газета да ўкраінскай мастацкай літаратуры, бачачы ў ёй асноўны рухавік нацыянальнага адраджэння: паведамляла пра розныя падзеі з літаратурнага жыцця, арганізоўвала пераклад на беларускую мову вершаў і апавяданняў украінскіх пісьменнікаў і г.д. Найшырэй у газеце быў прадстаўлены Т. Шаўчэнка, за ім ішоў В. Стафанік, іншыя вядомыя пісьменнікі – І. Франко, Леся Украінка, І. Катлярэўскі, М. Кацюбінскі, Б. Грынчэнка, А. Тэсленка, С. Руданскі, Г. Барвінак, Я. Грабінка. Можна смела гаварыць пра тое, што нашаніўцы ў сваёй дзейнасці кіраваліся "ўкраінскімі ўзорамі".

Як своеасаблівую, фенаменальную праяву культурнага ўзаемадзеяння неабходна адзначыць і тое, што талент беларускага публіцыста Сяргея Палуяна выспяваў у творчай атмасферы "Української хати" і "Ради". Жывучы ў Кіеве, ён менавіта ў названых выданнях пад уласным прозвішчам, псеўданімам П. Ян, крыптанімам С. П. выступаў не толькі з аналізам набытку беларускага пісьменства, але як удумлівы крытык рэагаваў і на ўкраінскі літаратурны працэс. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць, яго разгорнуты водгук на творчасць Ул. Віннічэнкі (Рада. – 1910. – № 100). З Украіны ў Беларусь С. Палуян дасылаў сваю палымяную публіцыстыку, яго допісы аформіліся ў сістэматызаваны нашаніўскі агляд "Лісты з Украіны", дзе пераважаюць такія пытанні, як нацыянальная мова, нацыянальная школа, нацыянальны друк, нацыянальны тэатр, нацыянальная мастацкая літаратура. Паводле беларускіх тэарэтыкаў журналістыкі, у высокаякаснай публіцыстыцы "факты, узятыя ў цэлым, у іх сувязі, належыць ператвараць у сістэму аргументаў, асобныя ж факты, ацэненыя як найбольш тыповыя, – скарыстоўваць для ілюстравання жыццёвай верагоднасці аўтарскіх канцэпцый, прагматычнай прывязкі думкі, якая абгрунтоўваецца, да акаляючай канкрэтнасці"… Пры гэтым адзначым, што ідэалагічная платформа "Лістоў…" С. Палуяна моцна зарыентавана на сацыяльныя і дэмакратычныя пераўтварэнні "сярод братоў-украінцаў". На Украіне ў газеце "Рада" (1910. – № 82) былі апублікаваны некралог "У даль бязмежную… (Памяці Сяргея Палуяна)", напісаны М. Шапавалам у сувязі з заўчаснай смерцю гэтага заслужанага працаўніка на ніве беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей, а таксама апошняя праца С. Палуяна "Беларускія вечарыны" (1910. – № 100).

Палітыка "Нашай нівы" на прасторах міжнацыянальнага культурнага ўзаемадзеяння, яе ўклад у рашэнне беларускага нацыянальнага пытання, у развіццё ідэалаў незалежнасці высвечваліся праз настрой "Лістоў…" С. Палуяна. І ў гэтым публіцысту як найлепей спрыялі ўзятыя за лозунг знакамітыя радкі з Т. Шаўчэнкі: "І чужому научайтесь, і свого не цурайтесь, Бо хто матір забуває, того Бог карає…" Цесныя сувязі "Нашай Нівы" з украінскай прэсай пашыралі інфармацыйную прастору беларускага выдання, надавалі яму інтэрнацыянальнае гучанне, стымулявалі яго творча-журналісцкія пошукі, садзейнічалі яго чытацкай папулярнасці. Дзякуючы гэтым сувязям адзіны ў той час беларускамоўны штотыднёвік імкнуўся выканаць (і ў значнай меры выконваў) тую ролю, якую ў рускіх і ўкраінскім перыядычным друку выконвалі самыя розныя спецыялізаваныя выданні.



1. Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: Хрэстаматыя / Уклад. А. Лойка, В. Рагойша. – Мінск, 1987.
2. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. – Мінск, 1998. – Т. 6.
3. Дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва Беларусі (Мінск). – Ф. 3-с, в. 1, адз. зах.81, л. 9.
4. Кабржыцкая Т. В., Рагойша В П. Карані дружбы: Беларуска-ўкраінскія літаратурныя ўзаемасувязі пачатку ХХ ст. – Мінск, 1976.
5. Нарис історії "Просвіти". – Львів; Краків; Париж, 1993.
6. Пра багацтво та бьеднасць / Пер. з укр. – Женева, 1881. (Да нядаўняга часу аўтарства брашуры прыпісвалася С. Падалінскаму. Пра тое, што твор належыць М. Драгаманаву, гл у кнізе: Видавнича справа та редагування в Україні: постаті і джерела (ХІХ-перша третина ХХ ст.) / Ред. Н. Зелінська. – Л., 2003. – С. 61).
7. Прохоров Е. П. Введение в теорию журналистики. – 5-е изд. – М., 2003.
8. Публицистика белорусских народников: нелегальные издания белорусских народников (1881–1884) / Сост. С. А. Александрович, И. С. Александрович. – Минск, 1983.
9. Слука А. Г. Беларуская журналістыка: У 3 ч. – Мінск, 2000.
10. Стральцоў Б. В. Публіцыстыка. Жанры. Майстэрства. – Мінск, 1977.
11. Тертичный А. А. Жанры периодической печати. – 2-е изд. – М., 2002.
12. Франко І. Зібрання творів: У 50 т. – К., 1984. – Т. 41.


© Інститут журналістики. Усі права застережені
Посилання на матеріали цього видання під час їх цитування обов'язкові